помнік архітэктуры готыкі і рэнесансу. Засн. ў 1590 М.К.Радзівілам і Г.Э.Вішнявецкай у в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1-й пал. 17 ст., у 2-й пал. 17 ст. прыбудавана цагляная вежа. Рэстаўрыраваўся ў пач. 18 ст., вежа заменена новай.
Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм з 5-граннай апсідай накрыты высокім 2-схільным дахам. Да апсіды з бакоў прымыкаюць прамавугольныя сакрысціі. 3-ярусная вежа на гал. фасадзе (ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні — 8-гранны) накрыта высокім шатром. Сцены ўмацаваны рытмічна размешчанымі вертыкальнымі контрфорсамі. Вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. Унутры неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Асн. памяшканне злучана з апсідай арачным праёмам.